Этнаграфічныя звесткі

Этнаграфічныя звесткі па абрадах і святах.

Гісторыя фармавання вясельнага абраду. 

Дададзена 18.10.2012

Той варыянт вясельля, які дамінаваў у беларускім асяродку ў 1850-1870 годы і які цалкам захаваў звычаі й традыцыі глыбокага мінулага, складаўся на працягу гісторыка-культурных эпох, а канчаткова сфарміраваўся не пазьнее XVIII-XIX стст. Па ўяўленьням гісторыкаў культуры, у старажытнасьці сярод славянскіх народаў існавалі розныя формы замыканьне шлюбных адносін.

Першую, што можно ўзгадаць, з формаў - "умыканьне маладой". Часьцей за ўсё, гэта адбывалася такім чынам: падчас сьвяткаваньня Купальля (уначы з 23 на 24 чэрвеня, у дзень летняга сонцаварота) дзеўчыны перадшлюбнага ўзросту варажылі аб сваім замужжы ў вады (на беразе возера або рэчцы). Яны плялі вянкі з гаючых траваў, якія валодалі "прываротнымі" уласьцівасьцямі ды пускалі іх на ваду. Хлопцы, якія жадалі стварыць сям'ю, ведалі традыцыйныя месцы варажбы, ды таму цярпліва чакалі будучых спадарожніц жыцьця ў поўнач. Гэта магло здарыцца й на досьвітку купальскага дня, калі моладзь агалялась й шла купацца на рэчку. Стаіўшыяся паблізу маладыя мелі магчымасьць ня толькі прыглядзецца да прыгажосьці будучай жонкі, але й пазбавіць яе дзявоцкасьці, пасьля чаго шлюб станавіўся амаль абавязковым.

Аб такой форме шлюбу сьведчыць "Повесть временных лет", а таксама шматлікія сюжэты казачнага эпасу ўсходнеславянскіх народаў. Вось што кажа Ян Ласіцкі ў сваім артыкуле "Шлюбныя звычаі Беларусі ў XVI стагодзьдзі": "Шлюб бяруць так. Юнак, якому спадабалася якая-небудзь дзяўчына, пасылае трох-чатырох сваякоў да яе бацькоў, якіх яны пераконваюць аддаць дачку. Бацькі ж, каб яшчэ больш падахвоціць жаніха, гавораць, што нічога з гэтага не атрымаецца, выдумляюць сватам якую-небудзь прычыну. Жаніх, пацярпеўшы такую няўдачу, робіць цяпер так. Ён вырашае завалодаць дзяўчынаю сілай і падбірае для гэтага зручны момант. І вось, калі дзяўчына выходзіць выпадкова з бацькоўскага дому, памагатыя жаніха, якія хаваліся ў засадзе, ловяць яе, чаго яна ніяк не чакае і таму не засьцерагаецца, і перадаюць, як паляўнічыя здабычу, жаніху. Пасьля таго, як ён пазбавіць яе дзявоцкасьці, ужо другія пасланцы жаніха дастаўляюць яе да бацькоў. Пасланцы часткова прызнаюць віну, але адначасова апраўдваюць учынак жаніха моцным каханьнем. Калі бацькі даюць, нарэшце, згоду, прызначаецца дзень вясельля. Але жаніху з нявестай нельга жыць разам, пакуль не адбылася публічная ўрачыстасьць."

Вясельны абрад, які склаўся на тэрыторыі Беларусі напрыканцы XIX стагодзьдзя, быў з'явай даволі складанай як у сэньсе структурным, так і ў пляне змястоўным. Ён спажыў у сябе значную колькасьць лякальна-рэгіянальных асаблівасьцяў, якія былі абумоўлены культурным краявідам плямён, прымаўшых удзел у фармаваньні беларускага этнасу (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, паляне). Відавочна, што абрады вясельля адлюстравалі й саслоўную структуру беларускага грамадзтва: сялян, шляхты, магнатаў. Нашыя продкі пачынаюць ствараць сем'і па папярэдняй шлюбнай дамове паміж бацькамі маладога й маладой ды згоды ўладальніка маёнтку. Існае ўздзеяньне на фармаваньне абрадавых дзеяньняў і сыстэму сакральна-магічных атрыбутаў беларускага вясельля паспрыялі межэтнічныя адносіны (паміж беларусамі й палякамі, украінцамі, літоўцамі, габрэямі, татарамі).

Вялікую ролю ў фармаваньні вясельнага абраду сыграла распаўсюджваньне хрысьціянства на землях усходніх славян. Менавіта гэты асьпект міжкультурных адносін апынуўся найболее прадуктыўным ды канструктыўным. Невыпадкова, пачыная з 1000-гадовага юбілея прыняцьця хрысьціянства, навукоўцы актыўна пачалі казаць аб спецыфічнай форме сынтэза дзвюх рэлігійна-культурных традыцый - народным праваслаўі.

Талерантны менталітэт беларусаў дазволіў душой і сэрцам прыняць іншаземнага госьця - візантыйскае хрысьціянства, аднак пры гэтым асноўныя дагматы былі пераасэнсаваны праз прызму ўласных старажытных сьветапоглядчых уяўленьняў. Царква атрымала права на замыканьне шлюбаў. Паступова, яна ж сфармавала кодэкс правілаў, якія датычыліся людзей, якія ўступалі ў шлюб. Сярод ніх, напрыклад, былі такія: абмежаваньні ва ўзросьце - дазвалялася шлюбаваць дзеўчын не маладзей за 12 год, а хлопцаў за 14 год, строга забараняліся шлюбы паміж сваякамі (уключая трэцю ступень радства); другое замужжа дапушчалась вельмі рэдка (перадусім, у выпадку трагічнай згубы або раньняй сьмерці кагосьці з бацькоў і пры наяўнасьці вялікай колькасьці дзяцей) Не віталіся шлюбы з інаверцамі (напрыклад, мусульманамі або іўдэямі), а таксама паміж прадстаўнікамі розных канфэсіяў (праваслаўнай, каталіцкай, уніяцкай, стараверскай, пратэстанцкай) ды саслоўяў.

У структуры шматдзённай ды шматэтапнай традыцыйнай беларускай вясельнай урачыстасьці прысутнічаюць тры лягічна закончаных, у вызначанай меры самастойных (але ўсё ж цесна ўзаемазьвязаных, узаемададаючых ды ўзаемаабумоўленых) этапаў: перадвясельны (працягласьцю 2-4 тыдні), вясельны (як правіла, 3 дні), пасьлявесельны (працягласьцю роўна год). Перадвясельны перыяд быў накіраваны на правядзеньне шэрагу рытуяльна-магічных дзеяньняў, мяркуема перамовы ("зговары", "даведкі", сватаваньне, "запоіны", "малыя запоіны", "вялікія запоіны", "заручыны", "заручэньне", "рукабіцьцё") паміж бакамі жаніха й маладой аб прыданным, дне вясельля і іншых ня меньш важных бытавых ды сацыяльных пытаньняў правядзеньня сямейна-радавой урачыстасьці й далейшага жыцьця маладых. Скончвался перадвясельны перыяд напярэдадні вясельля ў суботу "дзявочым вечарам". Пярэдадне вясельля таксама называлі "зборава субота", "зборны вечар", "хлапечы вечар", "вянкі". Радзей абрад "развітальнага" дня праводзілі за некалькі дзён да вясельля. Потым менавіта вясельле, а далей - пасьлявясельны перыяд.

Ян Ласіцкі ў артыкуле "Вясельные абрады вясковага люду ў Мінскай губерні": "Пра шлюбныя сувязі тут сяляне звычайна пачынаюць клапаціцца з першых дзён кастрычніка. У іншую пару да гэтага іх змушаюць хіба толькі пільная гаспадарчая патрэба ці якія-небудзь непрадбачныя акалічнасці. Калі ў мужа і жонкі, якія пажаніліся “не ў пару”, узнікаюць потым сямейныя нелады ці іншыя нечаканасці, гэта прыпісваюць адступленню ад агульнага звычаю. Лічыцца, што самы спрыяльны для шлюбу час – паміж Пакровамі і першай нядзеляй Каляднага пасту"

(Па матэрыялах http://vk.com/topic-2483482_3597781)

 

Як заляцаліся ў Беларускіх весках? 

Алена Яско (Народная Газета). Артыкул скапіраваны тут: http://news.tut.by/culture/336878.html

На гэтае даследаванне мяне натхніў здымак з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. На ім — маладая палеская пара. Разабрацца ў "традыцыях кахання" дапамагла навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства ДНУ "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі" Ірына Лаўрыноўская.
 

А ўчора з вячорак...


З чаго ж пачыналася заляцанне? Сельскія хлопцы і дзяўчаты, якія амаль увесь дзень былі занятыя сваімі справамі, звычайна дэманстравалі свае адносіны на вячорках, парадках, супрадках (дзявочыя вячоркі, дзе дзяўчыны звычайна пралі), святах, грамадскіх гуляннях і кірмашах. Асабліва вылучаліся вячоркі, дзе моладзь была даволі ізаляванай і больш незалежнай ад дарослых, што спрыяла такой сацыяльнай задачы, як пераход у стан дарослых і падрыхтоўка да сямейнага жыцця. Вячоркі адбываліся штодзень і ў дні пастоў, акрамя пятніцы і нядзелі. Шмат дзе ў Беларусі яны існавалі да сярэдзіны XX стагоддзя.

Паказаць дзяўчыне сваю сімпатыю хлопец мог па-рознаму. Калі гэта былі вячоркі, ён мог падсесці да яе, весці размову, жартаваць або абараняць ад здзеклівых жартаў іншых хлопцаў, а пасля правесці да хаты. Дзяўчаты вельмі стрымана праяўлялі сваю прыхільнасць альбо непрыязнасць да хлопца. Цярпліва ставіліся да жартаў. Калі дзяўчына не раздзяляла пачуццяў хлопца, яна пазбягала провадаў да хаты, не дазваляла дапамагчы ёй, напрыклад, што-небудзь паднесці. I ўвогуле не рэагавала на яго заляцанні.

Ці магла дзяўчына першай праявіць сімпатыю? Магла, але зрабіць гэта яна павінна была незаўважна, бо дзявочая сціпласць вельмі высока цанілася. Цікавы звычай, калі дзяўчына сама магла першай праявіць сімпатыю да ўпадабанага хлопца, існаваў у XIX стагоддзі на Віцебшчыне. Дзяўчыны хадзілі на кірмаш з насовачкамі, якія трымалі ў руках. Калі камусьці з іх хлопец спадабаўся, яна працягвала яму сваю насоўку. Калі хлопцу гэтая дзяўчына таксама была даспадобы, ён браўся за другі канец насоўкі, і так яны хадзілі разам па кірмашу.

Звычайна ўвесь працэс заляцанняў адбываўся на вачах аднавяскоўцаў. Наведаць сваю каханую дома хлопец мог толькі пасля сватання. Зразумела, маладая пара магла недзе адасобіцца, аднак дзяўчыны імкнуліся пазбягаць гэтага, каб зберагчыся ад плётак.

Пацалунак — толькі пасля вяселля?

Веснавы рамантычны настрой адлюстроўваўся ў традыцыях і песнях XIX — пачатку XX стагоддзя. У некаторых мясцовасцях вясну пачыналі гукаць ужо з 1 сакавіка — на Аўдакею. У гэты перыяд ладкавалі арэлі, на якіх моладзь гушкалася амаль кожны веснавы дзень. Пары закаханых імкнуліся як мага больш разгойдваць арэлі, каб узляцець вышэй за іншых. У народзе існавала меркаванне, што гэта паспрыяе багатаму ўраджаю, а лён і іншыя расліны будуць даўжэйшымі.

У той жа час асаблівасцю адносін хлопца і дзяўчыны традыцыйна былі сціпласць і цнатлівасць. Паводзіны моладзі да шлюбу строга кантраляваліся грамадскай думкай. Цікава адзначыць такі народны звычай, як "падначоўкі": дзяўчаты спалі разам з хлопцамі на адрыне пасля гуляння, але фізічная блізасць не дазвалялася.

Людзі строга асуджалі тых, хто страціў цноту да шлюбу. Дзяўчына, акрамя папрокаў з боку родных і аднавяскоўцаў, атрымлівала і крыўдныя прозвішчы: "шалашоўка", "гуляшчая", а калі нараджала дзіця не ў шлюбе — "пакрытка". У такой сітуацыі ёй ужо заставаўся абмежаваны выбар — удавец ці сірата, бо іншыя хлопцы не хацелі браць такіх у жонкі. Стрымлівала моладзь і боязь парушыць бацькоўскі запавет. Цалавацца на людзях закаханым таксама не дазвалялася.

— Сельскія жанчыны 1900-1930-х гадоў нараджэння, якіх я апытала падчас экспедыцый, узгадвалі, што раней хлопцы з дзяўчатамі да вяселля не цалаваліся і нават саромеліся гэта рабіць пасля шлюбу, — расказвае Ірына Лаўрыноўская. — Паказальным з’яўляецца выказванне адной рэспандэнткі 1928 года нараджэння: “У наша врэмя розныя былі, і тыя, хто да свадзьбы гулялі, усе замуж выходзілі. Але ж калі дзеўка была "чэснай", то болей цанілася. Не тое што зараз — калі ты з хлопцамі не гуляеш, так цябе яны, напэўна, і не возьмуць".

Чаравічкі і рукавічкі

Сучасныя мужчыны прыносяць жанчынам "джэнтльменскі набор": кветкі, цукеркі, шампанскае. А якія падарункі было прынята дарыць каханым сто гадоў таму? Часцей за ўсё мужчына пеставаў любую рознымі пачастункамі, напрыклад, арэхамі і пернікамі. Калі хлопец быў заможны ці выношваў сур’ёзныя намеры, падарункі былі больш каштоўнымі — пацеркі, завушніцы, хусткі. Вельмы прэстыжным лічылася падарыць каханай чаравічкі, аднак гэта рабілася ўжо падчас сватання.

Дзяўчына магла падарыць хлопцу вышыты ручнік, пояс. Ручнік часам аздаблялі арнаментам — галубкамі (сімвалам закаханых). Пазней, у савецкія часы, калі моладзь стала больш пісьменнай, дзяўчына магла выткаць і нейкі любоўны вершык ці пасланне. Паясы дарылі ўспадабаным хлопцам на свята "Гуканне вясны", калі тыя ладзілі арэлі. А на сватанне — кашулю, упрыгожаную вышытымі ружамі. На Верхнядзвіншчыне, на памежжы з Латвіяй, дзяўчаты дарылі каханым рукавіцы.

Дарэчы, кветкі ў сельскай мясцовасці не дарылі, бо яны не мелі практычнай каштоўнасці.

Пагуляем?

Хоць на людзях цалавацца было сорамна, але гульні з сімвалічнымі пацалункамі ў беларусаў былі. Гулялі ў іх звычайна на вячорках.

"Вішанька". У яе гулялі пераважна на Каляды. Дзяўчына станавілася на табурэт паміж двух хлопцаў. Яны, узяўшыся за рукі, ахоўвалі яе — "вішаньку" — ад трэцяга, які стаяў побач. Дзяўчына трымала ў роце саломінку і паварочвала галаву з боку ў бок. Той трэці хлопец павінен быў падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта атрымлівалася, дзяўчына цалавала яго.

"Падушачка". Удзельнікі становяцца ў карагод. У сярэдзіне ходзіць дзяўчына альбо хлопец з падушачкай у руках і выбірае сабе пару. Зрабіўшы выбар, дзяўчына (хлопец) выводзяць у кола абранага (абраную), цалуюць (у абедзьве шчакі!), перадаюць падушачку і самі становяцца ў карагод.

"Цяцерка". Хлопцы і дзяўчаты становяцца ў дзве калоны, парамі бяруцца за рукі, падымаюць іх, утвараючы "вароты" паміж калонамі. Дзяўчына з першай пары ўцякае ад хлопца па ўнутранай сцежцы, а хлопец даганяе яе па знешняму колу. Калі хлопцу ўдаецца яе злавіць, ён цалуе дзяўчыну, і яна становіцца ў канец дзявочай калоны, а хлопец ідзе на сваё месца і цяпер ужо ловіць другую сваю суседку. Калі ж дзяўчыне ўдаецца ўцячы, яна вяртаецца на сваё месца, і яе ўжо будзе даганяць другі хлопец, а той, што не змог злавіць, становіцца ў канец мужчынскай калоны. Пры гэтым усе спяваюць. 

 

 

Цитата дня:

Успешный мужчина - тот, кто зарабатывает больше денег, чем его жена может потратить. Успешная женщина - та, которая сможет найти такого мужчину. 

Бьенвенида Бак

КРАСАВІК

2019
пн аў ср чц пт сб нд
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30